ФА́ЗЫ МЕ́СЯЦА, квадры Месяца,

розныя формы бачнай часткі Месяца. Змена Ф.М. абумоўлена зменамі ўмоў асвятлення Сонцам паверхні Месяца пры яго руху на арбіце. Са зменай узаемнага размяшчэння Зямлі, Месяца і Сонца мяжа паміж асветленай і неасветленай часткамі дыска Месяца перамяшчаецца, што і выклікае змену абрысу бачнай часткі Месяца.

Адрозніваюць 4 асн. Ф.М.: маладзік — Месяц знаходзіцца паміж Зямлёй і Сонцам і не бачны; першая квадра (сход) — Месяц бачны ў выглядзе паўкруга выпукласцю ўправа; поўня — бачны поўны дыск Месяца; апошняя квадра (ветах) — Месяц бачны ў выглядзе паўкруга выпукласцю ўлева. Калі пры маладзіку Месяц праходзіць дакладна паміж Зямлёй і Сонцам, назіраецца сонечнае зацьменне; калі пры поўні Зямля знаходзіцца дакладна паміж Месяцам і Сонцам, назіраецца месяцовае зацьменне. Перыяд змены ўсіх Ф.М. (сінадычны месяц) роўны 29,530583 сярэдніх сонечных сутак.

А.​А.​Шымбалёў.

Фазы Месяца.

т. 16, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)